paper2

Алеся - красавік 2006 г.

Прыгожыя справы прыгожых жанчын
СЫГРАЕМ НА ЦЫМБАЛАХ... ДЖАЗ

Лёгкі ўзмах рук — і палілася-зазвінела з-пад драўляных лыжачак мелодыя, такая родная, свая. Ды гэта ж беларускае "Вяселле", якое запісаў Іосіф Жыновіч, а выконвае ансамбль цымбалістаў "Залатая струна" Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі! Дзяўчаты гарэзліва пераглядваюцца паміж сабою і то плячом павядуць, то галавой крутнуць — нібы не за цымбаламі сядзяць, а на сапраўдным вяселлі ў танец пусціліся. Дырыжыруе ансамблем Ганна Станіславаўна Полесава — стваральніца і вось ужо 15 гадоў нязменны мастацкі кіраўнік "Залатой струны".

Аніякага фальшу

Творчы чалавек бачны адразу. Колькі б яму ні было гадоў — у вачах агеньчык, рухі энергічныя, жвавыя, і... нічога падобнага на "саліднасць", якой так часта "абрастаюць" людзі, займеўшы нейкую пасаду. Прыкладна такой і падалася мне Ганна Станіславаўна. Сцішыўшыся, я назірала за дзяўчатамі на рэпетыцыі, а Ганна Сганіславаўна кіравала, вяла іх, падказвала — быццам перадаючы сваё ўнутранае адчуванне музыкі тым, хто здабываў яе са струн і дрэва.

"...Малайцы, добра! Але вернемся крышачку назад. Вы ж на танец запрашаеце! Таму — больш упэўнена, больш эмацыянальна!" Не толькі фальшывай ноткі — ніводнага фальшывага пачуцця Ганна Станіславаўна не прапусціць. Менавіта ў гэтым і заключаецца першы сакрэт яе паспяховай педагагічнай дзейнасці. Ганна Полесава ўпэўнена: самае галоўнае — быць шчырым як у жыцці, так і на сцэне. Тады глядач паверыць табе і захоча зноў сустрэцца. Такая педагогіка апраўдала сябе цалкам! На сённяшні дзень "Залатая струна" — самы тытулаваны сярод аналагічных ансамбляў і найбольш жаданы на розных святах, конкурсах, фестывалях.

Можна толькі здзіўляцца шматлікім узнагародам і дыпломамі, улічваючы, што калектыў не мае пастаяннага складу: амаль штогод выканаўцы "Залатой струны" мяняюцца: стаць яе удзельнікам можна толькі з трэцяга курса музычнага вучылішча. На месца выпускнікоў прыходзяць новыя людзі, і ўсё пачынаецца нанова. А між тым у творчай біяграфіі калектыву — перамогі ў міжнародных конкурсах выканаўцаў на народных інструментах у Маскве і Пскове, удзел у Сусветнай аркестрадзе ў Францыі, у IV і VI сусветных кангрэсах цымбалістаў, у канцэртных праграмах па гарадах Германіі, "Гран-Пры" конкурсу маладых выканаўцаў у Польшчы (г. Быдгашч) і шматлікія выступленні перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, сустрэчы з творчай моладдзю... I куды б ні прыязджаў ансамбль "Залатая струна", усюды яму рады, усім ён даспадобы.

Сёння патрэбна шоу

Ганна Станіславаўна не толькі кіраўнік ансамбля, а і выкладчык па класу цымбалаў, многія з яе навучэнцаў заявілі пра сябе менавіта як сольныя выканаўцы. "Часы мяняюцца, сучаснага чалавека наўрад ці ўразіш строгім акадэмічным выкананнем, — гаворыць Ганна Станіславаўна. — Сённяшняму гледачу падавай шоу! А мае дзяўчаты і не супраць. Мы вучымся перадаваць характар музычнага твора не толькі праз гукавыманне, але і праз пэўную постаць цымбаліста, яго рухі, позірк, выраз твару. Дапамагае ў гэтым і канцэртмайстар, двойчы дыпламант міжнародных конкурсаў Ганна Гарупа. Асаблівую ролю выконваюць ударныя музычныя інструменты: розныя стукалкі, «ляпалкі», драбінкі, "рублі", званочкі, бразготкі... Яны робяць выступленне больш дынамічным і відовішчным. Дарэчы, я вам назаву імёны маіх дзяўчатак: Кацярына Васількова, Хрысціна Кушнер, Марыя Усхопава, Вольга Кур'ян, Ірына Іванова, Ганна Саўко, Ніка Банас, Дар'я Сухава і Вікторыя Сачкоўская". Ганна Станіславаўна з такой любоўю пералічвае цяперашніх удзельніц ансамбля, што мне здаецца: яна для іх як мама.

Не толькі для вясковай музыкі

Рэпертуар ансамбля такі ж разнастайны, як і геаграфія яго выступленняў. Ганна Станіславаўна адкрывае свой трэці сакрэт: "Мы выконваем усё: ад мадрыгала XVI стагоддзя да сучаснага джаза". Той час, калі на цымбалах ігралі толькі вясковую музыку, адышоў у мінулае. Цяпер цымбалы можна пачуць не толькі на вяселлях ды хрэсьбінах. Класічныя творы гучаць у выкананні гэтага інструмента не горш, чым на скрыпцы ці фартэпіяна.

... Некалькі гадоў назад у жыцці ансамбля "Залатая струна" адбылася не зусім звычайная падзея. Іх запрасілі на конкурс камернай музыкі ў Парыж. Ганна Станіславаўна спачатку нават не паверыла і вырашыла перапытаць у арганізатараў. Запрашэнне пацвердзілася. Калектыў адправіўся ў Францыю і... стаў пераможцам! Упершыню за ўсю гісторыю беларускай культуры нацыянальны інструмент у ансамблевым выкананні выступіў на роўных з класічнымі і гэтым даказаў магчымасць яго ўдзелу ў прэстыжных музычных конкурсах.

У сваіх выступленнях ансамбль удала чаргуе творы Баха, Вівальдзі і Моцарта з творамі беларускіх кампазітараў Л. Захлеўнага, Г. Ермачэнкава, У. Кур'яна, В. Кузняцова і Д. Смольскага, пасля народных напеваў гучаць класічныя акорды — і людзям гэта падабаецца...

Самаадданая плённая праца педагога была высока ацэнена. Мінулай вясной Ганна Станіспаваўна Полесава стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "За ўклад у выхаванне творчай моладзі". А сёлета, у сакавіку, яна была абрана дэлегатам III Усебеларускага народнага сходу.

Наталля АРЛОЎСКАЯ

Другие статьи