paper2

Голас Радзімы - 4 снежня 2003 г.

ЧАРОЎНЫЯ МЕЛОДЫІ “ЗАЛАТОЙ СТРУНЫ”

Беларускую народную музыку немагчыма ўявіць без цымбалаў. Раней у вёсках было шмат умельцаў, якія выраблялі гэты інструмент, а потым і ігралі на ім. Традыцыйна ў склад ансамбляў, якія ігралі на ўсіх святах, уваходзілі гармонік, цьмбалы і бубен. Але, цымбалы характэрныя не толькі для беларускай музыкі, гэты інструмент распаўсюджаны ў многіх краінах свету, існуе нават Сусветны кангрэс цымбалістаў, тут добра ведаюць беларускую цымбальную школу, дзякуючы яе заснавальніку І. Жыновічу. Апошнія дзесяць гадоў бліскуча прадстаўляе беларускія цымбальныя традыцыі ансамбль цымбалістаў Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя Міхаіла Глінкі пад кіраўніцтвам выдатнага музыканта-выкладчыка Ганны Полесавай.

У 1996 годзе ансамбль прымаў удзел у Міжнародным конкурсе "Быдгошчскія імпрэсіі музычныя" ў Польшчы, дзе яму былі прысуджаны першае прызавое месца "Залатая струна" ў намінацыі "Інструментальныя ансамблі" і Гран-пры як лепшаму творчаму калектыву конкурсу. Гэта перамога на міжнародным конкурсе (упершыню ў гісторыі беларускай культуры) — значнае дасягненне ансамбля, і з таго часу ён носіць назву "Залатая струна". Потым было шмат канцэртаў на радзіме і за мяжой, розных узнагарод і званняў. Ансамбль паспяхова прадстаўляў Беларусь на IV, V, VI сусветных кангрэсах цымбалістаў, дарэчы, на VI, які праходзіў у Львове, ён узнагароджаны граматай, як лепшы прафесійны калектыў кангрэса.

У саставе ансамбля звычайна 7 - 11 музыкантаў. Тэмбравая палітра аднародная, бо складаецца ў асноўным з цымбалаў-прыма. А багатага гучання ансамбль дасягае за кошт майстэрства выканаўцаў. Ансамбль “Залатая струна” многія музыказнаўцы называюць ансамблем салістаў, такі высокі выканаўчы ўзровень яго удзельнікаў. Кожны і сапраўды можа быць салістам, бо віртуозна валодае інструментам. Так, Дар’я Азончык і Таццяна Сушчэня – лаўрэаты міжнароднага конкурсу, Крысціна Труляева – дыпламант міжнароднага конкурсу, Вольга Клімовіч – лаўрэат міжнароднага і рэспубліканскага конкурсаў. Яркія выканаўцы Настасся Абмётка, Алена Пякарская, Людміла Меланіч, Марына Калечыц і Ганна Марчадзе скончылі музычнае вучылішча некалькі гадоў таму, але працягваюць іграць у любімым ансамблі.

Душа калектыву – яго краўнік Ганна Полесава. Калі ў жніўні 1997 года калектыў выступаў на Сусветнай аркестрадзе ў горадзе Брыў у Францыі, прэзідэнт FNAPEC (нацыянальнай федэрацыі асацыяцыяй бацькоў, выкладчыкаў музычных школ і кансерваторый Францыі) Сімона дзю Брэй, паслухаўшы некалькі выступленняў ансамбля, напісала: "Які б ні быў рэпертуар, іх мастацкі кіраўнік Ганна Полесава ўмее давесці яго да дасканаласці. Мы захапляемся музычнымі якасцямі гэтай групы. Брава!" Калі згадваеш увесь рэпертуар ансамбля, здзіўляешся яго багатай тэматыцы: тут і англійскі мадрыгал XVI стагоддзя, і духоўныя інструментальныя песнапенні, і творы многіх беларускіх кампазітараў: І. Жыновіча, І. Лучанка, Д. Смольскага, Л. Захлеўнага і многіх іншых.

Зусім нядаўна, у кастрычніку 2003 года, на II Міжнародным конкурсе выканаўцаў на шматструнных інструментах у Пскове журы высока ацаніла творчую работу Ганны Полесавай, узнагародзіўшы яе Дыпломам за творчыя дасягненні ў падрыхтоўцы ўдзельнікаў конкурсу, а сам ансамбль стаў уладальнікам Гран-пры і звання лаўрэата. Выступалі артысты ў прыгожых касцюмах, мадэлі якіх распрацавала вядомы мастак-дызайнер Айша Александровіч. Выканальніцкае майстэрства цымбалістаў не было б такім зладжаным, каб не вопытныя канцэртмайстары-піяністы: лаўрэат міжнароднага і рэспубліканскага конкурсаў Марыя Пракоп’ева, Галіна Дзерышава, дыпламант рэспубліканскага конкурсу Ганна Гарупа, дыпламант міжнародных конкурсаў Аляксей Сідараў. Усе яны добра адучваюць гучанне цымбалаў, ведаюць тэхнічныя і мастацкія здольнасці выканаўцаў.  Псіхолагі гавораць пра дабратворны ўплыў прыгожай музыкі на паводзіны і культуру людзей. Упэўнена, што музыка, якая гучыць у выкананні ансамбля “Залатая струна”, робіць нас добрымі, духоўнымі, адкрытымі, інакш і быць не можа, бо ўсе выканаўцы бескарысліва і шчыра адданы служэнню мастацтву.

Ганна КАЛЯДКА

Другие статьи