paper2

Культура - 15 - 21 студзеня 2005 г.

МУЗЫЧНЫЯ ЛАЎРЫ

Лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2004 года

Ганна ПОЛЕСАВА, выкладчык установы адукацыі "Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі", якая атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё цымбальнай выканальніцкай школы, выдатную падрыхтоўку ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на нацыянальных шматструнных інструментах імя В. Гарадоўскай:

— Сімвалічна, што ўзнагароджанне супала з 80-гадовым юбілеем нашага музычнага вучылішча і 200-годдзем з дня нараджэння Глінкі, імя якога яно носіць. Я выкладаю ў гэтым вучылішчы вось ужо 28 гадоў, падрыхтавала 51 выпускніка па класе цымбалаў і яшчэ 20 — па класе аркестравага дырыжыравання, дачакалася творчых "унукаў" — вучняў сваіх колішніх вучняў. Дый сама я ў свой час заканчвала менавіта гэту навучальную ўстанову, і мне дорага ўсё, што з ёй звязана. Менавіта ў нас з'явіліся і першыя лаўрэаты-цымбалісты сярод навучэнцаў музычных вучылішчаў Беларусі, і першы цымбальны ансамбль "Залатая струна", якому ўжо 14 гадоў (дзякуючы прэзідэнцкаму гранту, пяць гадоў таму ансамблю пашылі сцэнічныя строі). А ў маёй прэміі ёсць заслуга і маёй выкладчыцы — Аляксандры Пятроўны Канановіч, і канцэртмайстра Ганны Гарупы, і ўсіх маіх калег, бо падрыхтоўка добрых музыкантаў немагчыма без іх шырокай гуманітарнай адукацыі, ведання музычна-тэарэтычных дысцыплін. Ёсць у гэтай узнагародзе заслута і Міністэрства культуры, бо без яго матэрыяльнай падтрымкі мае выхаванцы наўрад ці змаглі б выязджаць на міжнародныя конкурсы. А рабіць гэта неабходна! Бо гэта і глыток свежага паветра для саміх музыкантаў і гонар для ўсёй Беларусі, і папулярызацыя нашай культуры ў свеце. Вось і сёлета — плануем з'ездзіць на конкурсы ў Чэхію, у Пскоў, Малдову, Маскву. У маі правесці традыцыйны канцэрт-справаздачу ў філарманічнай зале, але з новай праграмай "Сучасныя рытмы: цымбалы, гітара, акардэон". Іначай кажучы, спыняцца на дасягнутым не збіраемся!

Другие статьи