paper2

Культура - 13 - 20 мая 2005 г.

ЗАЛАТЫЯ СТРУНЫ ГАННЫ ПОЛЕСАВАЙ

...Трэба толькі бачыць, як гарэзліва свецяцца вочы ў дзяўчат-цымбалістак ансамбля «Залатая струна». Упэўнена, калі вам давялося хоць аднойчы ўбачыць ці пачуць іх выступленне, вы засталіся надоўга зачараваныя музыкай і іх выкананнем.

Ансамбль цымбалістак ведаюць як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі. Гэты калектыў заваяваў шматлікія перамогі на міжнародньіх конкурсах і фестывалях. Двойчы «Залатая струна» ўдзельнічала ў Сусветнай аркестрадзе ў Францыі, з канцэртнымі праграмамі наведала гарады Германіі. Майстэрства і дасканаласць выканання не пакідаюць абыякавымі ні публіку, ні журы, а цымбалы даўно сталі візітнай карткай Беларусі. Безумоўна, такая папулярнасць заслуга мастацкага кіраўніка ансамбля Ганны ПОЛЕСАВАЙ, выкладчыка Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М. Глінкі. У гэтым годзе ёй прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта «За ўклад у выхаванне творчай моладзі», а таксама за падрыхтоўку ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на нацыянальных шматструнных інструментах імя В. Гарадоўскай.

Звычайна ансамбль складаецца з 6 - 8 удзельніц - студэнтак вучылішча: Каці Васільковай, Люды Коблік, Машы Усхопавай, Тамары Дарджыевай і іншых. Але «Залатая струна» не толькі самы тытулаваны ансамбль у краіне. Кожная цымбалістка паасобку - гэта выдатная, яркая выканаўца. Напрыклад, не так даўно Кацярына Васількова стала лаўрэатам конкурсу выканаўцаў імя Яўгена Кокі ў Кішынёве. 3 удзячнасцю гаворыць яна пра сваю выкладчыцу. Падкрэслівае, што Ганна Станіславаўна - чулы педагог. “Яна быццам бы выпраменьвае душэўную цеплыню і энергію, бескарысліва дзеліцца імі з намі”, – дадае Каця. Сёння ў Ганны Полесавай вучыцца Тамара Дарджыева. Яна дыпламант маскоўскага конкурсу выканаўцаў імя В. Гарадоўскай. У размове Ганна Станіславаўна ўзгадала, што калісьці, у 80-я гады, у яе вучыўся бацька Тамары. У той час тры хлопцы з Калмыкіі прыехалі ў Мінскае музвучылішча, каб навучыцца іграць... на цымбалах! I адзін з іх нават пасля паступіў у мінскую кансерваторыю. Зараз ён выкладае ў Элісце (Калмыкія), а ягоная дачка, Тамара Дарджыева, прыехала да нас, каб таксама навучыцца цымбальнаму выканаўчаму мастацтву. Заўважаю, што палачкі, якімі іграе дзяўчына, адрозніваюцца. Цікаўлюся, у чым справа. Аказалася, што Тамара іграе на шматструнным нацыянальным інструменце, які называецца йочын. Прафесійна вывучаючы методыку ігры на цымбалах, Тамара ўпэўнена, што гэта дапаможа потым адрадзіць ігру на спрадвечным калмыцкім інструменце, цікаўнасць да якога з'явілася не так даўно.

СЛОВА - НАСТАЎНІКУ

Сама Ганна Станіславаўна ўпэўнена, што толькі шчыры, адданы сваёй справе чалавек можа працаваць з юнакамі і дзяўчатамі. Бо яны востра адчуваюць падман, іх не ашукаеш, лічыць выкладчыца.

- У нас вучыцца творчая моладзь, якая знаходзіцца ў тым спрыяльным стане, што трэба толькі скіроўваць і дапамагаць ёй развівацца. I тады, калі ёсць давер паміж выкладчыкам і навучэнцамі, ты можаш перадаць сваё захапленне і прывіць любоў і да інструмента, і да музыкі, і да традыцыі, і да роднага краю, - дадае яна.

У гэтым годзе Ганна Станіславаўна адзначыла своеасаблівы юбілей - 35-годдзе творчай дзейнасці. Але спыняцца на дасягнутым яна не збіраецца. I ўпэўнена: прызначэнне музыканта - у бескарыслівым служэнні мастацтву. ГІрацуе з творчым імпэтам, нават нягледзячы на тое, што пасля заканчэння вучобы дзяўчаты пакідаюць і сцены вучылішча, і ансамбль і ім на змену прыходзяць іншыя, каб навучыцца віртуознаму майстэрству ігры на цымбалах. Інструмент, з якім Ганна Полесава звязала ўсё жыццё, называе ласкава: «цымбалікі». Вядома, што сёння складана знайсці якасныя, добрыя цымбалы, а таму даводзіцца ездзіць на фабрыку музычных інструментаў у Барысаў, каб знайсці тое, што трэба.

Рэпертуар ансамбля “Залатая струна” ўражвае. Якія творы сярод найбольш любімых?

Мы іграем ад класічных твораў да рэг-тайма. Варта адзначыць, што выконваем і англійскі мадрыгал XVI стагоддзя, і джазавыя апрацоўкі, і беларускія народныя творы, нават «Жываносную крыніцу» і «Пасхальныя званы» Л. Шлег. Заканамерна, што ў праграме пераважаюць творы беларускіх кампазітараў: І. Жыновіча, В. Іванова, У. Кур'яна і іншых. Таму шчыра сказаць, якія творы любімыя, - не магу. Усе, на мой погляд, выдатныя.

Наперадзе шмат новых конкурсаў і фестывалей. Адзін з іх - Міжнародны конкурс выканаўцаў на шматструнных інструментах у Чэхіі адбудзецца ў маі.

Другие статьи