paper2

Культура - октябрь 2005 г.

Камертон

ЗАЛАТЫЯ СТРУНЫ, СРЭБНЫЯ ГУКІ

Цымбальны ансамбль "Залатая струна" Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М. Глінкі добра вядомы ў прафесійных колах. Назва яго ўзнікла пасля трыумфальнай перамогі на "аднайменным" Міжнародным конкурсе ў Польшчы. Увогуле ж падобных перамог у калектыва шмат: ён неаднаразовы лаўрэат нацыянальных і міжнародных творчых спаборніцтваў, двойчы атрымліваў вышэйшую ўзнагароду — Гран-пры. А яшчэ двойчы быў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.

Кажуць, калектыў пачынаецца з кіраўніка. Ганна Полесава невыпадкова стала сёлета лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта РБ за ўклад у выхаванне творчай моладзі: яна цудоўны музыкант, педагог-выхаваўца, добры арганізатар і проста чуллівы чалавек. Ганна Станіславаўна добра ведае, што цікавіць і хвалюе яе пітомцаў, цэніць і любіць кожнага са сваіх выхаванцаў і ўсіх разам. Артысты ансамбля, у сваю чаргу, таксама прытрымліваюцца прынцыпу: кожны дзеля ўсіх - і ўсе дзеля кожнага. У выніку ансамбль можна без усялякіх перабольшванняў назваць музычнай суполкай аднадумцаў, удзельнікам якога вялікую радасць і творчае задавальненне прыносіць сам працэс сумеснага музіцыравання. Сапраўды, што можа быць лепей, чым музыка, што ствараецца разам!

Што ж вабіць слухачоў у выканальніцкім майстэрстве гэтага творчага калектыву? Без сумневу, прыцягвае іх прафесіяналізм: зладжанасць і злітнасць гучання, багацце тэмбравай палітры, разнастайнасць дынамічных градацый і штрыхоў, выразнасць і пластыка фразіроўкі. Да таго ж, артысты ўносяць у сваю ігру элементы тэатралізацыі, што таксама прыводзіць гледачоў у захапленне.

Выступпенні ансамбля "Залатая струна", здараецца, аздабляюцца ўкрапваннямі дуэта вопытных музыкантаў-канцэртактаў - акардэаніста Віктара Полесава і гітарыста Сяргея Плужнікава, у рэпертуары якіх ёсць і некалькі папулярных эстрадных п'ес. Сцэна ў гэтым сэнсе становіцца выдатнай школай майстэрства, бо дае пачаткоўцам не толькі магчымасць папрактыкавацца і набрацца вопыту, але і раўняцца на своеасаблівы эталон, з якім неабходна звяраць свае мастацкія памкненні. Як казаў знакаміты К.Ушынскі, "перадаецца не досвед, а думка, шго выцякае з досведу".

Да таго ж, сваім уласным прыкладам заражае маладых музыкантаў і сама Ганна Полесава, якая ўдзельнічае ў выкананні. I, гледзячы на адухоўленыя твары музычнай моладзі, разумееш, што выканальніцтва для іх нават не прафесія, а прызванне - высокае і цудоўнае.

Міхаіл СОЛАПАЎ,
прафесар БДАМ, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, заслужаны дзеяч культуры РБ

Другие статьи