paper2

Настаўніцкая газета - 5 мая 2012 г.

Музыка. Кіно
НОВЫ ФІЛЬМ ПРА ЦЫМБАЛЬНУЮ КРАІНУ

19 красавіка ў канцэртнай зале “Прэм'ера” Мінска адбыўся канцэрт пад назвай "Ад вытокаў да будучыні" (Программа концерта). Ён мог бы стаць адным з вялікага спіса канцэртаў, якія ладзяцца штомесяц у сталіцы, калі б не яго накіраванасць. Гэты канцэрт быў задуманы з мэтай зарабіць сродкі на падрыхтоўку фільма пра цымбалы, цымбалістаў і будучыню беларускай школы цымбалістаў.

Ідэя стварыць фільм пра цымбалістаў Беларусі зарадзілася ў галаве адной вельмі абаяльнай жанчыны педагога Алены Анатольеўны Барысенка. Алена Анатольеўна вучыць дзяцей іграць на цымбалах у гімназіі № 174 г. Мінска і ў Цэнтры дадатковай адукацыі школьнікаў "Ранак" Маскоўскага раёна. У цымбальных колах яе яшчэ ведаюць як кіраўніка клуба цымбалістаў "Гусляр" і музея "Спеў цымбалаў".

Як расказала А.А. Барысенка, ідэя стварэння фільма "спела" ў яе галаве некалькі гадоў. Вядома, што для яе рэалізацыі неабходны былі сродкі. Са сваёй ідэяй настаўніца звярталася шмат да каго, пакуль не прыйшла ў Саюз музычных дзеячаў, дзе яе ўважліва выслухалі і параілі самім зарабіць на здымкі фільма. Саюз са свайго боку падабраў залу для канцэрта і падрыхтаваў білеты. Напісаць праграму канцэрта, сабраць музыкантаў і гледачоў — гэта была ўжо справа таго, чыя ідэя. Калі канцэрт адбыўся і сродкі на фільм былі часткова зароблены, а часткова падораны, Алена Анатольеўна ўзгадала мудрую народную прымаўку "што пасееш, тое і пажнеш". Амаль уся праграма канцэрта была падрыхтавана сіламі яе вучняў і вучняў яе вучняў, якія хацелі падтрымаць сваю настаўніцу і свайго сябра, бо разумелі, якую высакародную справу яна задумала. Так, сярод вучняў Алены Анатольеўны хочацца ўзгадаць вядучую канцэрта Людмілу Коблік, настаўніцу гімназіі № 4 г. Мінска (яе выхаванка Ульяна Сушко выконвала варыяцыі на тэму цыганскай песні); Алену Аўраменка, настаўніцу гімназіі-каледжа імя І.А. Ахрэмчыка, якая прадставіла не толькі асобных сваіх таленавітых вучаніц, але і цэлы ўзорны аркестр "Абярог"; Ганну Селіванаву, якая хоць ужо і не іграе прафесійна на цымбалах, аднак вучыцца ў Каралеўскай акадэміі музыкі Бельгіі па класе вакалу і ўразіла ўсіх гледачоў сваім моцным і прыгожым голасам. I ў зале ў якасці гледачоў у большасці сваёй сядзелі вучні Алены Анатольеўны, а таксама іх бацькі і родныя, сябры. Атрымаўся сямейны канцэрт, калі сям'ю складаюць людзі, аб'яднаныя любоўю да адной музыкі, якая нараджаецца цымбаламі. 

Здымкі фільма ўжо пачаліся, і менавіта на гэтым канцэрце "Цымбалы — ад вытокаў да будучыні". Над фільмам працуе калектыў студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў, рэжысёрам выступае студэнтка трэцяга курса факультэта рэжысуры тэатральнай драмы Святлана Хацько. Таму гэты канцэрт таксама ўвойдзе ў гісторыю, як і героі фільма. А многія з іх прысутнічалі і нават удзельнічалі ў канцэрце. Вялікім радасным сюрпрызам для гледачоў стала выступленне масцітых цымбалістаў разам з аркестрам "Абярог". Дарэчы, некаторыя з тых цымбалістаў былі вучнямі заснавальніка беларускай школы цымбалістаў І.І. Жыновіча, гэта заслужаная артыстка БССР Таццяна Пятроўна Сцяпанава, Марыя Нічыпараўна Міцуль, Аляксандр Дзмітрыевіч Лявончык, Святлана Анатольеўна Касцючык, Рыта Аляксандраўна Рыбак.

Як задумвала Алена Анатольеўна, такім канцэрт і атрымаўся — адкрытым, добрым і прафесійным. Юныя выканаўцы ігралі з такім задавальненнем, што нельга было стрымаць усмешку, назіраючы за іх ігрой. Хто не ведае, той мяркуе, што на цымбалах можна іграць толькі народную музыку. На самай справе майстры, якія валодаюць рознымі спосабамі гукаўтварэння, могуць зрабіць так, што цымбалы заспяваюць нібыта гітара альбо кастаньеты. Віртуознае валоданне рознымі прыёмамі ігры на цымбалах прадэманстравала настаўніца дзіцячай мастацкай школы № 10 г. Мінска Таццяна Краснабаева, у яе выкананні прагучалі творы В. Кур'яна "Перазвоны" і В. Капыцькі "Воnа поtа, Fеdегісо". 

Алена Анатольеўна Барысенка ўдзячна ўсім сваім калегам за дапамогу ў арганізацыі канцэрта: педагогам дзіцячай музычнай школы № 7 Веры Шацько і Юліі Калягінай, школы мастацтваў Ірыне Сасновіч і Але Каралёвай, сярэдняй школы № 60 Валянціне Вараб'ёвай, сярэдняй школы № 168 Алене Навуменка, мастацкаму кіраўніку ансамбля "Залатая струна" МДМК імя М.І. Глінкі Ганне Полесавай. 

На канцэрце прысутнічала малодшая дачка І.І. Жыновіча Антаніна Іосіфаўна Жыновіч. Напрыканцы мерапрыемства яна падзякавапа арганізатарам і выканаўцам за сустрэчу з бацькам, за тое, што яны працягваюць яго справу, за адданасць цымбалам. Па ўспамінах Антаніны Іосіфаўны, бацька прасіў яе запомніць, што ў Беларусі ёсць такія дзяржаўныя сімвалы, як герб, сцяг, гімн, а цымбалы — гэта музычны сімвал Беларусі, які абавязкова выведзе краіну на сусветны ўзровень. Так яно і атрымалася: Таццяна Пятроўна Сергіенка, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выхавала вучаніцу Аляксандру Дзенісеню, якая прадстаўляе нашу краіну на конкурсе маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012", што праходзіць у гэтыя дні. Сёння ў нашай краіне праводзяцца конкурсы імя І.І. Жыновіча, якія сталі міжнароднымі, а 14 мая споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння заснавальніка беларускай школы цымбалістаў. Антаніна Іосіфаўна заклікала ўсіх у гэты дзень сустрэцца на канцэрце. 

Пра Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча, заснавальніка беларускай школы цымбалістаў, знята нямала фільмаў. Іосіф Іосіфавіч сапраўды знакавая асоба, таму заслугоўвае вялікай увагі і гонару, паміж сабой цымбалісты часта звалі яго бацькам, бо ён дапамагаў людзям не толькі развіваць свой мастацкі талент, але і вырашаць многія жыццёва-бытавыя праблемы. У новым фіпьме, безумоўна, нельга абысці ўвагай гэтага выдатнага настаўніка, кампазітара, дырыжора, цымбаліста. Але на гэты раз пра І.І. Жыновіча будуць больш расказваць яго вучні, таксама выданыя выканаўцы і заслужаныя людзі, яго родныя. 

Фільм раскажа пра выдатных выканаўцаў-цымбалістаў, імёны якіх, некаторыя, магчыма, і ведаюць, але не ўяўляюць, які ўклад у развіццё цымбальнага мастацтва яны прыўнеслі. Узгадаюць аўтары фільма і гісторыю з'яўлення цымбалаў на Беларусі, сакрэты іх вырабу. Пакуль яшчэ працягваюцца размовы пра неабходнасць гаварыць у фільме аб праблемах, якія зараз перажываюць усе цымбалісты Беларусі. А галоўная праблема ў тым, што пасля закрыцця Барысаўскай фабрыкі музычных інструметаў цымбалы сталі вялікім дэфіцытам. I гэта ў рэспубліцы, якая называецца цымбальнай. Тыя музычныя інструменты, на якіх іграюць дзеці зараз у музычных школах, патрабуюць рамонту, абнаўлення, а новы інструмент каштуе вельмі дорага (каля тысячы долараў). Выкладчыкі ігры на цымбалах асцерагаюцца, што і без таго не вельмі папулярны сярод дзяцей і іх бацькоў інструмент з-за цаны ўвогуле стане незапатрабаваным. Аўтары фільма хацелі б звярнуць увагу на гэтую праблему тых людзей, якія могуць яе вырашыць. 

Мяркуецца, што фільм будзе зроблены ўжо да чэрвеня і яго пакажуць па тэлебачанні. I многія людзі ўзгадаюць, што мы сапраўды асаблівая рэспубліка і нашым музычным сімвалам з'яўляюцца цымбалы. А юныя музыканты будуць ганарыцца тым, што яны маюць дачыненне да вялікай гісторыі цымбальнай музыкі. I цымбалы праспяваюць яшчэ для Беларусі...

Святлана КІРСАНАВА

Другие статьи