2022
Хадзiць па "...Струнцы"? З iмправiзацыяй!
У Маскве прайшоў Першы Дзiцячы музычны конкурс народных выканаўцаў "Свет i развiццё" – у рускамоўнай абрэвiятуры "МИР". Ён быў прымеркаваны да Года нацыянальных культур, што праводзiцца ў Расii, i Года гiстарычнай памяцi, аб'яўленага ў Беларусi. Сярод пераможцаў (i ў тым лiку ўладальнiкаў Гран-Пры ў розных намiнацыях) – беларускiя цымбалiсты. Але гэты конкурс цiкавы яшчэ i сваiм не зусiм звыклым фарматам, што наводзiць на роздум пра далейшыя магчымыя шляхi музычнага выканальнiцтва.
Надзя БУНЦЭВIЧ
Уладальнiцай Гран-пры ў сольнай намIнацыi стала юная цымбалiстка Стэфанiя Сабалеўская. Яе дуэт з Сафiяй Пыцiкавай "Залатая струнка" – лаўрэат першай ступенi ў намiнацыi "Ансамбль". А Сафiя як салiстка атрымала трэцюю прэмiю. Дзяўчаты – вучанiцы Цэнтра практыкi Мiнскага дзяржаўнага музычнага каледжа iмя М.I.Глiнкi, дзе займаюцца ў Ганны Полесавай, вядомай сваёй выдатнай падрыхтоўкай цымбалiстаў сярэдняга адукацыйнага звяна, лепшыя з iх складаюць ансамбль "Залатая струна". Так што цяперашняя "...Струнка", можна лiчыць, малодшая "сястрычка" таго знакамiтага калектыву.
– Пра гэты конкурс, – распавядала Ганна Станiславаўна, – мы даведалiся ад нашай былой вучанiцы Марыi Раўнейка. Пасля заканчэння каледжа па класе цымбалаў яна паступiла ў Расiйскую акадэмiю музыкi iмя Гнесiных – на гуслi. Але адначасова ёй прапанавалi працягнуть заняткi на цымбалах, маўляў, ёсць магчымасць запрасiць вашага выкладчыка. I яна звярнулася да мяне. У Маскве Машу заўважалi, запрасiлi ў Grand Melody Orchestra, дзе яна грае на абодвух iнструментах. Гэты калектыў арганiзаваў Аляксандр Якаўлеў – пiянiст па сваёй адукацыi, але вялiкi прыхiльнiк народнага iнструментарыю. Ягоны бацька Уладзiмiр Iванавiч – прафесар, загадчык кафедрай тэорыi i гiсторыi выканальнiцкага мастацтва Казанскай дзяржаўнай кансерваторыi, дома ў iх сапраўдны музей народных iнструментаў. Таму i Аляксандр не спынiўся на iдэi ўласнага творчага калектыву, а вырашыў зладзiць яшчэ i конкурс. Яго праект падтрымалi: Прэзiдэнцкi фонд культурных iнiцыятыў Расii вылучыў Грант, матэрыяльную дапамогу аказала таксама Мiнiстэрства культуры Маскоўскай вобласцi. I ўсё атрымалася як найлепей! Конкурс сабраў каля трох тысяч удзельнiкаў. Намiнацый было шмат, яны ахоплiвалi не толькi iнструментальную музыку, але i вакальную, харавую, ансамблева-аркестравую. Удзел у конкурсе – бясплатны. Юныя музыканты былi забяспечаны бясплатнымi абедамi. Усе, хто прайшоў у другi тур, атрымалi сувенiры – прыгожыя эмблемы конкурсу. А лаўрэатам уручалi каштоўныя падарункi, наўпрост связаныя з iх спецыяльнасцю: электрадомра, гармонiк, сучасная ударная устаноўка. Стэфанiя ў якасцi Гран-пры атрымала чатыры мiкрафоны, што замацоўваюцца на цымбалах – на нiжнiм i верхнiм рэгiстрах, каб можна было выступаць ажно на стадыёне. Такое станаўленне да выканальнiцтва на народных iнструментах скiравана на як мага большую iх папулярызацыю сярод дзяцей i моладзi.
Першы тур праходзiў з канцэртмайстрам (нашым дзяўчатам акампанiравала Iрына Лук'янчык), а фiналiсты гралi з Grand Melody Orchestra, як абавязковыя iм былi прапанаваны апрацоўкi фальклору i папулярнай класiкi. Асаблiвасць гэтага конкурсу яшчэ ў тым, што тут патрабуецца не акадэмiчная iгра, а максiмальна нязмушаная, разняволенная: музыканты не засаджаны за iнструмент, бы ў тую клетку, а могуць рухацца по сцэне ў час выканання, дадаваць да нотнага тэксту iмправiзацыйныя элементы – iншымi словамi, конкурс скiраваны на працяг традыцый менавiта народнага выканальнiцтва, але – яго сучасным выглядзе. I дзецi гэтаму толькi рады! Трэба бачыць, з якой зацiкаўленасцю яны ставяцца да сваiх новых магчымасцей, успрымаюць усё не як абавязак, а як гульню, у iх узрастае самаацэнка, бо яны не проста паўтарылi, як правiльна, а прыдумалi штосьцi сваё. Вядома, такi новы, сучасны фармат выканання патрабаваў iншых падыходаў у навучаннi, дзяцей трэба было падрыхтаваць да яго. У Акадэмii музыкi, наколькi я ведаю, выкладаюцца асновы iмправiзацыi. А ў музычных школах? I Марыя Раўнейка прыязджала да нас, праводзiла майстар-класы, паказвала на справе, як могуць разнастайна гучаць тыя ж абавязковыя творы. Яна абышла ледзь не ўсе дзiцячыя навучальныя ўстановы – не толькi сталiчныя, але i абласныя. Таму удзельнiкаў ад Беларусi было багата. I я задумалася: калi школы могуць выстаўляць сваiх дзяцей на конкурсы, дык чаму не можа наш Цэнтр практыкi, дзе займаюцца дзецi з шасцi гадоў? Так, тут ёсць свае асаблiвасцi: у Цэнтры практыкi выкладаюць навучэнцы нашага каледжа – трэцяга i чацвёртага курсаў, так што "настаўнiкi" ў дзяцей увесь час змяняюцца. Але ж працэс iдзе пад кiраўнiцтвам сталых педагогаў. I я вырашыла падрыхтаваць да конкурсу "МИР" дзвюх дзяўчынак 13-14-гадовага ўзросту. Iх перамога – гэта яшчэ i папулярызацыя конкурсу. А галоўнае – прасоўванне новага фармату музыцыравання, якi разнявольвае дзiцячую фантазiю i можа спрыяць цiкавасцi да народных iнструментаў i музычнай класiкi. Калi ж зiрнуць на гэтую з'яву шырэй, у такiм падыходзе бачацца добрыя магчымасцi для выхавання творчага патэнцыялу ўвогуле – той кемлiвасцi, прагi да ўласных пошукаў, што будуць запатрабаваны ў любой прафесii i ў любых жыццёвых сiтуацыях. I вельмi дапамогуць кожнаму чалавеку ў будучым.
Дададзiм, што 6 сакавiка абодва цымбальныя ансамблi – "Залатая струна" i "Залатая струнка" – дадуць канцэрт у зале iмя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай фiлармонii.


